• Газеты, часопісы і г.д.
  • Малы і Карлсан, які жыве на даху  Астрыд Ліндгрэн

    Малы і Карлсан, які жыве на даху

    Астрыд Ліндгрэн

    Выдавец: Папуры
    Памер: 168с.
    Мінск 2019
    37.46 МБ
    Карлсан прылятае зноў
    Карлсан прылятае зноў
    Карлсан хітруе зноў
    Карлсан хітруе зноў
    пан, — сказаў Карлсан і пачаў заўзята круціць нейкую маленькую штучку. — Бяды не мінуць, калі не правяраеш клапана.
    «Тах-тах-тах!» — мармытала машына. Яна мармытала хутчэй і хутчэй. «Тах-тах-тах!» Урэшце яна загучала так, нібыта неслася наўскач, і вочы Карлсана заззялі. Малы кінуў пераймацца плямамі на паліцы, яго распірала ад радасці за паравую машыну і Карлсана — найлепшага запускальніка паравых машын, які так здорава праверыў засцерагальны клапан.
    — Глядзі, глядзі, Малы, — сказаў Карлсан, — вось гэта тахкае! Найлепшы ў свеце запускальнік паравых ма...
    Далей ён не паспеў нічога вымавіць, бо акурат тут жахліва бахнула, і раптам не засталося ніякай паравой машыны, а толькі кавалкі ад яе, раскіданыя па ўсім пакоі.
    — Выбухнула! — задаволена сказаў Карлсан, быццам гэта было самае вытанчанае мастацтва, якога можна было чакаць ад паравой машыны. — Сапраўдны выбух! Як бахнула, га!
    Але Малому нешта было нявесела. У вачах стаялі слёзы.
    — Мая паравая машына, — сказаў ён. — Яна зламалася.
    — Гэта з’ява банальная, — сказаў Карлсан і абыякава адмахнуўся пульхнай ручкай. — Хутка ты атрымаеш новую машыну.
    — Дзе ж я яе вазьму? — здзівіўся Малы.
    — У мяне наверсе іх некалькі тысяч.
    — Дзе гэта — у цябе наверсе? — спытаў Малы.
    — У мяне наверсе ў маім дамку на даху, — адказаў Карлсан.
    — У цябе дом на даху? — спытаў Малы. — I ў ім тысячы паравых машын?
    — Ну, можа, якіх пару соцень дык ёсць, — сказаў Карлсан.
    — О, я вельмі-вельмі хацеў бы пабачыць твой дом! — усклікнуў Малы. Здавалася неверагодным, што на даху мог быць маленькі дамок і што Карлсан жыве ў ім.
    — Гэта ж трэба — дом, поўны паравых машын! — не супакойваўся Малы. — Некалькі соцень паравых машын!
    — Ну, я не лічыў дакладна, колькі там засталося, але некалькі тузінаў дык дакладна, — сказаў Карлсан. — Якая-ніякая часам выбухне, але парачка тузінаў у мяне знойдзецца заўсёды.
    — Дык, можа, я змагу ўзяць адну? — абрадаваўся Малы.
    — Вядома! — сказаў Карлсан. — Вядома!
    — Вось проста зараз? — спытаў Малы.
    — Ну, не, спачатку мне трэба яе паглядзець, — сказаў Карлсан. — Праверыць засцерагальны клапан і ўсё такое. Спакойна, толькі спакойна! Атрымаеш сваю машыну іншым разам.
    Малы пачаў збіраць кавалкі таго, што раней было яго паравой машынай.
    — Ой, што тата скажа... — з трывогай прамармытаў ён.
    Карлсан здзіўлена прыўзняў бровы.
    — Пра паравую машыну? — удакладніў ён. — Гэта з’ява банальная, і на гэты конт яму зусім не варта перажываць, так яму ад мяне і перадай. Я і сам бы яму гэта сказаў, калі б меў час сустрэцца з ім. Але я ўжо мушу вяртацца, трэба прыглядаць за домам.
    — Здорава, што ты завітаў, — сказаў Малы, — хаця машына... Ты яшчэ прыляціш?
    — Спакойна, толькі спакойна, — сказаў Карлсан і павярнуў круцёлку, якая была ў яго прыблізна на пупе. Матор закерхаў, а Карлсан стаяў нерухома і чакаў, пакуль набярэцца хуткасць для палёту. Тады ён узняўся і праляцеў пару колаў па пакоі.
    — Матор барахліць, — сказаў ён. — Пэўна, трэба зазірнуць у майстэрню змазацца. Мог бы і сам, праўда, я ж найлепшы ў свеце змазвальнік матораў. Але часу бракуе... He, думаю, завалюся ў майстэрню.
    Малы таксама падумаў, што гэта будзе самае разумнае.
    Карлсан скіраваў проста ў расчыненае акно, і яго маленькая круглявая постаць прыгожа вымалёўвалася на зорным вясновым небе.
    — Бывай здароўценькі, Малы! — памахаў ён пульхнай ручкай.
    А потым знік.
    Карлсан
    ж сказаў, што яго зваць Карлсан і ён жыве на даху, — паўтарыў Малы. — Што тут такога дзіўнага? Хто дзе хоча, той там і жыве!
    — Малы, кінь выдурняцца, — сказала мама. — Ты ледзь не да смерці нас перапалохаў. Цябе ж магло забіць выбухам ад машыны, ці ты не разумееш?
    — Так, але Карлсан усё адно найлепшы ў свеце запускальнік паравых машын, — сур’ёзна паглядзеў на маму Малы. Ён мусіў пераканаць яе, што немагчыма сказаць не, калі найлепшы ў свеце запускальнік паравых машын прапануе завесці тваю машыну.
    — Трэба адказваць за свае ўчынкі, Малы, — сказаў тата, — а не звальваць усё на таго, каго завуць Карлсан, які жыве на даху, і каго не існуе.
    — Ён яшчэ як існуе! — сказаў Малы.
    — I лятаць ён умее таксама, — здзекліва вымавіў Бусэ.
    — Умее, уяві сабе, — адказаў Малы. — Спадзяюся, ён ізноў прыляціць, тады пабачыш.
    — Вось бы ён прыляцеў заўтра! — сказала Бэтан. — Я табе крону падару, Малы, калі ты пакажаш мне Карлсана, які жыве на даху.
    — Заўтра ён не прыляціць дакладна, — сказаў Малы, — ён збіраўся заваліцца ў майстэрню, каб змазацца.
    — От цябе таксама, відаць, трэба змазаць як след, — злавалася мама. — Ты паглядзі, у што ператварылася паліца!
    — Гэта з’ява банальная, так кажа Карлсан!
    Малы абыякава адмахнуўся, зусім як Карлсан, каб мама зразумела, што нейкая там паліца і праўда не вартая сварак. Але на маму гэта не падзейнічала.
    — Вось як, Карлсан так кажа? — сказала яна. — Перадай Карлсану, што калі ён яшчэ раз пакажа сюды свой нос, я так яго змажу, што ён век не забудзе!
    Малы не адказаў. Яго жахала тое, што мама магла такое сказаць пра найлепшага ў свеце запускальніка паравых машын. Але чаго было чакаць ад такога дня, калі ўсе, як відаць, вырашылі быць абы-якімі.
    Малы раптам засумаваў па Карлсану. Карлсан быў такі жывы і вясёлы, а як ён растапырваў пальцы ды казаў, што ўсе няшчасці — з’ява банальная, і няма чаго праз іх перажываць! Малы засумаваў па Карлсану моцна, па-сапраўднаму. I адначасова ўстрывожыўся: а раптам ён ніколі болей не прыляціць?
    — Спакойна, толькі спакойна, — сказаў Малы сам сабе, зусім як Карлсан. — Ён абяцаў вярнуцца.
    А Карлсан быў з тых, каму можна давяраць, гэта было бачна. He мінула і пары дзён, як ён з’явіўся зноў. Малы ляжаў ніцма на падлозе ў сваім пакоі і чытаў, калі пачуў той самы гуд. I вось Карлсан прашумеў і заляцеў праз акно, нібы вялізны чмель. Аблятаючы сцены пакоя, ён напяваў вясёлую песеньку. Раз-пораз ён прыпыняўся, каб паразглядаць карціны, схіляў галаву набок і прымружваў вочы.
    — Прыгожыя карціны, — сказаў ён. — Надзвычай прыгожыя карціны! Але, мабыць, усё ж не такія прыгожыя, як мае.
    Малы ўскочыў з падлогі і стаў, а ўнутры ўсё ў ім кіпела ад узрушанасці. Як ён быў рады, што Карлсан вярнуўся!
    — А ў цябе многа карцін там, наверсе? — спытаў ён.
    — Некалькі тысяч, — адказаў Карлсан. — Сам іх малюю ў вольныя хвіліны. Процьма маленькіх пеўнікаў, птушачак і іншай прыгажосці. Я найлепшы ў свеце малявальнік пеўняў, — дадаў Карлсан і прызямліўся побач з Малым, выпісаўшы элегантную дугу.
    — Гэта ж падумаць! — сказаў Малы. — Паслухай... А ці можна мне паляцець з табой, паглядзець твой дом, твае машыны паравыя, твае карціны?
    — Вядома, можна, — сказаў Карлсан. — Чаму не? Шчыра цябе запрашаю. Як-небудзь іншым разам.
    — Толькі хутка! — папрасіў Малы.
    — Спакойна, толькі спакойна, — сказаў Карлсан. — Спачатку мне трэба крыху прыбрацца, але гэта не зойме шмат часу. Адгадай, хто найлепшы ў свеце хуткасны прыбіральнік? — жартаўліва спытаўся Карлсан.
    — Мабыць, ты, — сказаў Малы.
    — Мабыць! — усклікнуў Карлсан. — Мабыць... Ты не мусіш сумнявацца ў гэтым ні хвіліны. Найлепшы ў свеце хуткасны прыбіральнік — Карлсан, які жыве на даху. Гэта вядома кожнаму чалавеку.
    I Малому падумалася, што Карлсан, пэўна, ва ўсім найлепшы ў свеце. Найлепшым у свеце сябрам па гульнях ён быў дакладна, гэта адчувалася адразу.
    Крыстэр і Гуніла, вядома, былі добрыя, але ж не такія цікавыя, як Карлсан, які жыве на даху. Малы вырашыў, што раскажа Крыстэру і Гуніле пра Карлсана, калі яны будуць вяртацца са школы наступным разам. Крыстэр звычайна бясконца гаварыў пра свайго сабаку Ёфу. Малы ўжо даўно яму зайздросціў праз гэтага сабаку. «Хай толькі заўтра ён ізноў завядзе катрынку пра свайго няшчаснага Ёфу — я тады раскажу яму пра Карлсана, — падумаў Малы. — Хто такі Ёфа ў параўнанні з Карлсанам, які жыве на даху?! — так яму і скажу».
    I ўсё адно больш за ўсё на свеце Малы прагнуў завесці ўласнага сабаку.
    Карлсан перапыніў яго думкі.
    — Я схільны крыху пазабаўляцца, — сказаў ён і цікаўна агледзеўся. — У цябе няма яшчэ паравой машыны?
    Малы паматаў галавой. Паравая машына! Карлсан акурат у яго, нарэшце мама і тата могуць пабачыць, што ён існуе. I Бусэ з Бэтан таксама, калі яны дома.
    — He хочаш пайсці са мной і павітацца з мамай і татам? — прапанаваў Малы.
    — 3 задавальненнем, — сказаў Карлсан. — Яны будуць радыя са мной сустрэцца, з такім прыгожым і спрэс разумным!
    Карлсан прайшоўся туды-сюды па пакоі з задаволеным тварам.
    — I ўзорна тоўстым да таго ж, — дадаў ён. — 3 мужчынам у сваім найлепшым веку. Твая мама будзе радая са мной сустрэцца.
    У гэты самы момант Малы адчуў пах катлет, якія мама смажыла на кухні, і зразумеў, што хутка будзе абед. Малы вырашыў пазнаёміць Карлсана з мамай і татам пасля таго, як усе паядуць. Мамам ні ў якім разе нельга замінаць, калі яны смажаць катлеты: нічога добрага з гэтага не бывае. Да таго ж хто ведае, ці не захочуць мама з татам пагаварыць з Карлсанам пра паравую машыну або плямы на кніжнай паліцы. А гэтага нельга дапусціць. Напэўна, за абедам Малы зможа неяк па-хітраму патлумачыць бацькам, як трэба абыходзіцца з найлепшым у свеце запускальнікам паравых машын. Яму трэба толькі крыху часу. Пасля абеду — гэта будзе самае тое. Тады ён прывядзе да сябе ў пакой усю сям’ю.
    «Прашу знаёміцца — Карлсан, які жыве на даху!» — скажа ён.
    Вось яны здзівяцца! I як весела будзе глядзець на іх здзіўленне!
    Раптам Карлсан перастаў хадзіць па пакоі. Ён застыў і пачаў ветрыць носам, як паляўнічы сабака.
    — Катлеты! — сказаў ён. — Маленькія смачненькія катлеткі я дужа люблю.
    Малы крыху сумеўся. На такое мог быць хіба толькі адзін адказ.
    «Хочаш застацца і паабедаць у мяне?» — вось што ён мусіў бы сказаць. Але ён пабаяўся прыцягнуць з сабой за стол Карлсана вось так, нібы нічога ніякага. Зусім іншая рэч, калі ў яго гасцявалі Крыстэр і Гуніла. Тады ён мог прыйсці хоць у апошні момант, калі ўсе ўжо сабраліся за сталом, і сказаць: «Матуля, можна Крыстэру з Гунілай таксама пакласці крыху гарошку і блінчыкаў?»
    Але зусім незнаёмага таўсматага дзядзечку, які зламаў паравую машыну і пасадзіў плямы на паліцы, — не, яго ён не мог прывесці проста так.
    Хаця толькі што гэты самы таўсматы дзядзечка выразна сказаў, што дужа любіць маленькія смачныя катлеткі. I Малы мусіў падбаць, каб ён іх атрымаў, а іначай, можа, Карлсан не захоча болей з ім гуляць. О, як шмат залежала ад маміных катлет!
    — Пачакай тут крыху, — сказаў Малы,