• Газеты, часопісы і г.д.
  • Малы і Карлсан, які жыве на даху  Астрыд Ліндгрэн

    Малы і Карлсан, які жыве на даху

    Астрыд Ліндгрэн

    Выдавец: Папуры
    Памер: 168с.
    Мінск 2019
    37.46 МБ
    Карлсан прылятае зноў
    Карлсан прылятае зноў
    Карлсан хітруе зноў
    Карлсан хітруе зноў
    эта ж трэба — там была яшчэ адна ірыска, якую ён раней не заўважыў! Вялікая, цягучая, цудоўная ірыска. Малы засмяяўся.
    — Іду ў заклад, што ў мяне ёсць яшчэ адна ірыска, — сказаў Малы. — А яшчэ іду ў заклад, што я з’ем яе проста цяпер! — сказаў ён і спрытна засунуў ірыску ў рот.
    Карлсан сеў на пасцель і паглядзеў спадылба.
    — Ты мусіў быць для мяне як маці, — сказаў ён. — А табе толькі абы паболей напхаць за шчокі. Ніколі не бачыў такога ненажэрнага хлопчыка.
    Ён крыху памаўчаў і спахмурнеў яшчэ больш.
    — Дарэчы, я так і не атрымаў пяць эрэ за тое, што шалік казычацца, — сказаў ён.
    — Але на табе і не было ніякага шаліка, — сказаў Малы.
    — Проста ў мяне яго няма, — раздражнёна адказаў Карлсан. — Але калі б быў, то мы б ім павязалі мне шыю, і ён бы казытаўся, і тады я б атрымаў пяць эрэ.
    Ён умольна паглядзеў на Малога. У яго вачах стаялі слёзы.
    — Няўжо ты лічыш, што я мушу пакутаваць толькі таму, што ў мяне дома няма шаліка?
    Малы так не лічыў. I ён аддаў Карлсану свой апошні пятак.
    Карлсан хіііьрус
    цяпер я схільны крышачку пазабаўляцца, — праз нейкі час сказаў Карлсан. — Хадзем прагуляемся па дахах, тут заўсёды што-небудзь знойдзецца.
    Малому прапанова дужа спадабалася. Ён узяў Карлсана за руку, яны выйшлі за дзверы і ступілі на дах. Ужо сутонела, і ўсё было вельмі прыгожае. Паветра было па-вясноваму блакітнае, і ўсе дамы здаваліся таямнічымі і загадкавымі, як гэта бывае ў прыцемках. Парк, дзе звычайна гуляў Малы, ззяў унізе дзівосным зялёным колерам, а з вялікай бальзамічнай таполі ў двары Малога ішоў чароўны водар, які сягаў самага даху.
    Гэта быў цудоўны вечар для прагулак па дахах. Усе вокны былі адчыненыя, і было чуваць мноства розных гукаў і галасоў, гутаркі людзей, дзіцячы смех і дзіцячы плач. На кухні паблізу звінела парцаляна: нехта мыў посуд. Недзе скуголіў сабака, а дзесьці
    яшчэ нехта брынкаў на піяніна. Унізе на вуліцы трашчаў матацыкл, і калі матор заціх, з’явіўся конь, які цягнуў павозку і грукаў капытамі, так што кожны ўдар далятаў наверх.
    — Калі б людзі ведалі, як здорава на даху, то ўнізе на вуліцы нікога б не засталося, — сказаў Малы. — Ой, ну і весела ж тут!
    — Так, аж дух займае, — сказаў Карлсан. — Бо так лёгка зваліцца. Я табе пакажу пару месцаў, дзе кожнага разу амаль што падаеш.
    Дамы былі пабудаваныя так блізка адзін да аднаго, што можна было пераходзіць з даху на дах. Там было шмат дзіўных выступаў, мансардаў, комінаў, куткоў і закуточкаў — ніякае аднастайнасці. Дух сапраўды займала, як Карлсан і казаў, — акурат таму, што час ад часу ты амаль што падаў. У адным месцы паміж двума дамамі была вельмі шырокая прорва — вось там Малы амаль што зваліўся. Але Карлсан схапіў яго ў апошнюю хвіліну, калі адна нага Малога пераступіла ўжо за край даху.
    — Здорава, скажы? — спытаў Карлсан, зацягваючы Малога на дах. — Вось такое я і меў на ўвазе. Зрабі так яшчэ раз!
    Але Малы не захацеў рабіць так яшчэ раз. Для яго гэта было занадта «амаль што». Былі і іншыя
    месцы, дзе даводзілася моцна чапляцца рукамі і нагамі, каб не зваліцца, а Карлсану хацелася, каб Малому было як мага весялей, таму ён не заўсёды выбіраў самую лёгкую дарогу.
    — Трэба нахітраваць чаго-небудзь, — сказаў Карлсан. — Я звычайна гуляю па даху вечарамі і крыху падхітроўваю з людзей, што жывуць ва ўсіх вось гэтых мансардах.
    — А як ты хітруеш? — пацікавіўся Малы.
    — 3 рознымі людзьмі па-рознаму, вядома, — сказаў Карлсан. — Ніколі не раблю адной хітрасці двойчы. Найлепшы ў свеце хітрун — адгадай, хто гэта!
    У гэты час зусім блізка ад іх закрычала малое дзіця. Малы чуў яго плач раней, але потым яно на нейкі час сціхла. Відаць, дзіця тады ненадоўга заснула. Але плач ізноў даносіўся з бліжняй мансарды і здаваўся вельмі жаласным і самотным.
    — Небарака! — сказаў Малы. — Мабыць, яму прыхапіла жывоцік.
    — Гэта мы хутка высветлім, — сказаў Карлсан. — Хадзі сюды!
    Яны пакрочылі ўздоўж вадасцёкавай трубы, пакуль не прыйшлі пад самую мансарду. Тады Карлсан асцярожна прыўзняў галаву і зазірнуў усярэдзіну.
    — Вельмі самотнае маленькае дзіця, — сказаў ён. — Мама з татам, відаць, бадзяюцца недзе, я так разумею.
    Дзіця заплакала яшчэ жаласней, чым раней.
    — Спакойна, толькі спакойна, — сказаў Карлсан і забраўся на падаконне. — Вось ён я — Карлсан, які жыве на даху, найлепшы ў свеце нянь!
    Малы не хацеў заставацца звонку адзін. Ён узлез на падаконне следам за Карлсанам, хоць і баяўся, што будзе, калі мама і тата дзіцяці раптоўна вернуцца.
    Але Карлсан і не думаў турбавацца. Ён падышоў да ложачка, дзе ляжала дзіця, і пачухаў яго пульхным пальцам пад падбароддзем.
    — Сюсі-пусі-плюцюцю, — гулліва сказаў ён.
    Потым павярнуўся да Малога.
    — Так трэба размаўляць з малюпасамі, ім гэта падабаецца!
    Немаўля кінула плакаць ад аднаго здзіўлення, але, крыху апрытомнеўшы, завялося зноў.
    — Сюсі-пусі... А пасля трэба зрабіць вось так, — сказаў Карлсан. Ён узяў дзіця з ложка і некалькі разоў падкінуў яго пад столь. Дзіцяці гэта, відаць, спадабалася, бо яно раптам заўсміхалася маленькай бяззубай усмешкай.
    Карлсан ззяў ад гонару.
    — Няма нічога складанага ў тым, каб развесяліць дзіця, — сказаў ён. — Найлепшы ў свеце нянь... — далей ён сказаць не паспеў, бо дзіця зноў пачало плакаць.
    — Сюсі-пусі-плюцюцю, — сярдзіта рыкнуў Карлсан і падкінуў яго пад столь мацней, чым калі. — Сюсі-пусі-плюцюцю, я сказаў, і гэта табе не жартачкі!
    Дзіця крычала не сваім голасам, а Малы цягнуў да яго рукі.
    — Дай, дай яе мне! — сказаў ён.
    Яму вельмі падабаліся такія маленькія дзеткі, і ён не раз пытаў маму з татам, ці не падораць яны яму сястрычку, калі ўжо ніяк не хочуць дарыць сабаку.
    Ён забраў у Карлсана ўкручанае ў пялюшкі дзіця і пяшчотна яго абняў.
    — He плач, калі ласачка, — сказаў ён.
    Дзіця замаўчала і паглядзела на яго парай зусім бліскучых, сур’ёзных вачэй, потым усміхнулася зноў бяззубай усмешкай і ціха залапатала.
    — Гэта мае сюсі-пусі падзейнічалі, — сказаў Карлсан. — Гэты прыём ніколі не хібіць, я спрабаваў ужо тысячу разоў.
    — Цікава, як гэтае дзіця зваць? — сказаў Малы і пагладзіў яго пальцам па маленькай пяшчотнай шчацэ.
    — Гуль-Фія, — сказаў Карлсан. — Так завуць болыпасць.
    Малы ніколі не чуў, каб нейкае дзіця звалі Гуль-Фія, але падумаў, што найлепшы ў свеце нянь, пэўна ж, ведае лепей, як звычайна завуць дзяцей.
    — Маленькая Гуль-Фія, — сказаў Малы. — Ты, напэўна, галодная.
    Проста Гуль-Фія схапіла вуснамі яго палец, каб яго пасмактаць.
    — Калі Гуль-Фія галодная, дык тут ёсць кілбаса ды бульба, — сказаў Карлсан, зазірнуўшы ў куток, дзе была кухня. — Дзеці не будуць гінуць з голаду, пакуль Карлсан у стане прыцягнуць з кухні кілбасу і бульбу.
    Малы падумаў, што Гуль-Фія яшчэ не можа есці кілбасу з бульбай.
    — Па-мойму, такім маленькім дзеткам трэба малако, — сказаў ён.
    — Ты што, думаеш, найлепшы ў свеце нянь не ведае, што трэба, а што не трэба дзецям? — сказаў Карлсан. — Але няхай, я магу злятаць па карову!
    Ён кінуў абураны позірк у акно.
    — Толькі вось будзе складана зацягнуць рагулю праз такое дробненькае акенца.
    Гуль-Фія адчайна шукала палец Малога і жаласна папісквала. Падобна, яна і праўда была галодная.
    Малы зазірнуў у кухонны закуток, але малака там не знайшоў. Там ляжалі толькі тры лустачкі кілбасы на сподку.
    — Спакойна, толькі спакойна, — сказаў Карлсан. — Я акурат успомніў, дзе можна ўзяць малака. Я сам часам раблю адтуль глыток калі-нікалі. Бывай здароўценькі, хутка вярнуся!
    Карлсан павярнуў круцёлку, што была ў яго на жываце, і — не паспеў Малы і вокам лыпнуць — з гудзеннем вылецеў у акно.
    Малому зрабілася жах як страшна. А раптам Карлсана давядзецца чакаць гадзінамі, як звычайна бывала? А раптам мама і тата дзіцяці прыйдуць дадому і ўбачаць Малога з Гуль-Фіяй на руках?
    Але доўга хвалявацца Малому не давялося. Гэтым разам Карлсан справіўся хутка. Горды, нібы певень, ён прагудзеў праз акно. У яго руцэ была бутэлечка з сусолкай, з якой звычайна п’юць маленькія дзеткі.
    — Дзе ты яе дастаў? — здзівіўся Малы.
    — У маім звычайным малочным месцы, — сказаў Карлсан. — На адным балконе ў Эстэрмальме.
    — Ты яе злямзіў? — спалохана спытаў Малы.
    — Я яе пазычыў, — сказаў Карлсан.
    — Пазычыў... Калі ты збіраешся яе вярнуць? — спытаў Малы.
    — Ніколі, — сказаў Карлсан.
    Малы паглядзеў на яго строга, але Карлсан толькі адмахнуўся растапыранымі пальцамі:
    — Маленькая бутэлечка малака — гэта з’ява банальная! У тых, у каго я пазычыў яе, — трайняты, і яны выстаўляюць на балкон у вёдрах з ільдом цэлую процьму такіх пляшак, і ім да таго ж даспадобы, што я бяру ў іх малако для Гуль-Фіі.
    Гуль-Фія пацягнулася ручкамі да бутэлечкі і піскнула па-галоднаму.
    — Я крыху яго падагрэю, — хутка сказаў Малы і перадаў Гуль-Фію Карлсану.
    — Сюсі-пусі-плюцюцю! — закрычаў ён і пачаў падкідваць Гуль-Фію пад столь, пакуль Малы падаграваў малако.
    Неўзабаве Гуль-Фія ляжала ў сваім ложачку і спала, нібы анёлак. Яна была сытая і задаволеная.
    Малы ўвесь час папраўляў ёй коўдрачку, а Карлсан казытаў пальцам і крычаў «сюсі-пусі», але Гуль-Фія ўсё адно заснула, бо была сытая і вельмі стамілася.
    — А цяпер давай пахітруем, перад тым як сысці, — сказаў Карлсан.
    Ён прынёс халодныя лустачкі кілбасы. Малы паглядзеў на іх вялікімі вачыма.
    — Зараз ты пабачыш хітрунства! — сказаў Карлсан і павесіў адну лустачку на ручку дзвярэй, што вялі ў куханьку.
    — Нумар адзін, — сказаў ён і задаволена кіўнуў. Потым шпаркімі крокамі падышоў да камоды. Там стаяла прыгожая белая парцалянавая галубка. He паспеў Малы вымавіць і слова, як тая атрымала кавалачак кілбасы ў дзюбу.
    — Нумар два, — сказаў Карлсан. — А нумар тры атрымае Гуль-Фія.
    Ён насунуў скрылёк кілбасы на маленькую палачку і ўклаў яе ў руку соннай Гуль-Фіі. Выглядала гэта
    вельмі смешна. Можна было падумаць, што Гуль-Фія сама ўзяла тую кілбасу, а потым так і заснула, але Малы ўсё ж папрасіў:
    — He, не трэба гэтага, калі ласка!
    — Спакойна, толькі спакойна, — сказаў Карлсан. — Гэта адвучыць яе маму і тату бадзяцца ўвечары невядома дзе.
    — Як гэта? — спытаў Малы.
    — Дзіця, якое можа само пайсці і ўзяць сабе кілбасы, яны адно не пакінуць. Бо хто ведае, што яно прыдумае наступным разам... Можа, возьме татава нядзельнае піва.
    Карлсан паправіў палачку з кілбасой