Гісторыя беларускага мастацтва
Т. 2: Другая палова XVI—канец XVIII ст.
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 384с.
Мінск 1988
Узмацнілася экспансія Ватыкана на беларускія землі. Прадаўжаўся працэс абарачэння праваслаўных ва уніяцтва. Паступова з судовай і адміністрацыйнай сфер выцяснялася беларуская мова, і з другой паловы XVII ст. усё справаводства ў Вялікім княстве Літоўскім вялося на польскай мове.
Узраслі касмапалітычныя тэндэнцыі ў культуры, носьбітамі якіх былі рэлігійна-каталіцкія ордэны. Асаблівую актыўнасць развілі на Беларусі езуіты, якія арыентаваліся на Польшчу як цэнтр рымска-каталіцкага ўплыву ва Усходняй Еўропе. Яны стварылі па ўсёй краіне свае калегіі і місіі, дзе выхоўвалі моладзь у духу вернасці каталіцкаму касцёлу. MoBaft навукі, літаратуры і школьнай адукацыі становіцца латынь, хоць зрэдку ўжывалася польская і яшчэ радзей — беларуская мова. Тагачасныя навуковыя і літаратурныя працы на лацінскай мове з’яўляюцца ў значнай ступені здабыткам усіх народаў, якія ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Агульным культурным цэнтрам была заснаваная езуітамі ў
1579 г. Віленская акадэмія. 3 яе выйшлі многія выкладчыкі калегій (сярэдніх навучальных устаноў), пісьменнікі, мастакі і палітычныя дзеячы эпохі.
Асноўным кірункам мастацкай культуры гэтага часу было барока з арыентацыяй на заходнееўрапейскія традыцыі. Адначасова прадаўжалі існаваць і развівацца і некаторыя элементы рэнесансу. Пераважнымі відамі мастацтва становяцца архітэктура, красамоўства, школьная паэзія і школьны тэатр. У школах разам з граматыкай, паэтыкай і рыторыкай выкладалася філасофія (з арыентацыяй на Арыстоцеля) і тэалогія, заснаваная на працах Фамы Аквінскага. Жывапіс, графіка і музыка мелі пераважна «прыкладны» характар (іканапіс, роспіс храмаў, кніжная ілюстрацыя, царкоўныя спевы і інш.), хоць ужо з’явіліся самастойныя жанры і ў гэтых відах мастацтва: партрэтны жывапіс, свецкая музыка і інш.
Разам з тым у другой палове XVII — пачатку XVIII ст. ва ўмовах дэнацыяналізацыі феадальнай вярхушкі беларускага грамадства і панавання рымска-каталіцкай ідэалогіі прадаўжалася станаўленне нацыянальнай школы мастацтва на аснове традыцыйнай народнай культуры. Гэта тэндэнцыя выявілася ў архітэктуры, асабліва драўлянай, жывапісе, графіцы, а таксама ў працэсе ўзнікнення сучаснай нацыянальнай мовы, на якой з’явіліся рукапісныя лірычныя зборнікі, беларускія інтэрмедыі ў польска-лацінскіх школьных п’есах, ананімная публіцыстыка і інш,— зародкі лірычных, драматычных і іншых літаратурных жанраў. Уздым нацыянальна-вызваленчага руху беларускага народа, яго імкненне да культурна-палітычнага збліжэння з Расіяй і Украінай таксама сведчылі пра ўздым нацыянальнай самасвядомасці шырокіх слаёў насельніцтва. Усе гэтыя працэсы адлюстраваліся ў літаратуры, выяўленчым мастацтве
і грамадска-палітычнай думцы эпохі. Узмацніліся тэндэнцыі да сінтэзу ўсходнеславянскай і заходнееўрапейскай культур.
Яскравым выразнікам гэтых працэсаў стаў паэт і мысліцель Сімяон Полацкі (1629—1680). Ён вучыўся ў Кіева-Магілянскай калегіі і Віленскай езуіцкай акадэміі, працаваў у Беларусі, а з 1664 г.— у Маскве, пісаў вершы на беларускай, польскай і стараславянскай мовах.
Тэарэтык усходнеславянскага тыпу барока і заснавальнік сілабічнага вершаскладання на Беларусі і ў Расіі, Сімяон Полацкі зрабіў прыкметны ўплыў на літаратуру, публіцыстыку, жывапіс і музыку свайго часу. Ён абгрунтаваў маральна-выхаваўчую ролю і каштоўнасць мастацтва, музычнай гармоніі, выяўленай у жывапісе духоўнасці і паэтычнай дыдактыкі, выступаў за шырокае развіццё асветы. Яго запіска пра пь санне абразоў паслужыла важнай крыніцай для вядомага трактата «Слово к люботіцательному пконного пнсання», які хутчэй за ўсё быў вынікам супрацоўніцтва пісьменніка з выдатным рускім мастаком С. Ушаковым. У вершы «Жнвопнсанне» Сімяон Полацкі высока цэніць выяўленчае мастацтва — жывое люстэрка прыроды, кляймуе іканаборцаў як агентаў д’ябла — «ненавісніка прыгажосці царкоўнай», носьбіта ўсяго нізкага і агіднага.
Усе гэтыя супярэчлівыя кірункі грамадска-філасофскай і эстэтычнай думкі рэльефна выявіліся ў мастацтве Беларусі другой паловы XVII — пачатку XVIII ст.
ГОРАДАБУДАУНІЦТВА
I АРХІТЭКТУРА
Руска-польская, Паўночная войны, якія пракаціліся па беларускай зямлі ў другой палове XVII — пачатку XVIII ст., пакінулі сляды шматлікіх спусташэнняў. Многія га-
рады і мястэчкі былі разбураны. Асабліва пацярпелі Брэст, Пінск, Тураў, Мазыр, Рэчыца, Бабруйск, Чэрыкаў, Лоеў, Брагін, Гомель, Смалявічы. Шведскімі войскамі былі ўзяты і спалены Гродна, Віцебск, Слуцк, Брэст, Пінск, Навагрудак, Нясвіж, Мір, Кобрын, Мінск, Ліда, Докшыцы, Карэлічы, Клецк, Ружаны, Ляхавічы і многія іншыя гарады і мястэчкі*. У пачатку XVIII ст. многія раёны Беларусі былі ахоплены эпідэміямі. Усё гэта выклікала рэзкае скарачэнне насельніцтва гарадоў, многія жыхары перасяляліся за межы Беларусі, галоўным чынам у Рускую дзяржаву. Згортвалася рамесніцкая вытворчасць, што ў сваю чаргу адмоўна адбівалася на аднаўленні гарадоў, развіцці жыллёвага і грамадскага будаўніцтва. У буйных гарадах павялічваліся феадальныя юрыдыкі за кошт скарачэння магістрацкіх, Феадалы і каталіцкая царква захапілі лепшыя землі ў цэнтральнай частцы гарадоў, дзе ўзводзілі палацы і сядзібы, касцёлы і кляштары. 3 мэтай процідзеяння каталіцкай экспансіі ў некаторых гарадах будаваліся праваслаўныя манастыры, пры якіх існавалі праваслаўныя брацтвы (Орша, Магілёў). Жылыя кварталы беднаты размяшчаліся на ўскраінах, якія ў большасці выпадкаў мелі нязручны для забудовы рэльеф, забудоўваліся стыхійна і вылучаліся дрэннымі санітарнымі ўмовамі.
Нягледзячы на неспрыяльныя эканамічныя і палітычныя ўмовы, манументальнае будаўніцтва не спынялася і з’явілася заканамерным пераемнікам архітэктурных традыцый папярэдняй эпохі. Атрымала далейшае развіццё аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя збудаванняў, узрасла роля дэкору, што звязана з актыўпым засваеннем архітэктурна-мастацкіх канцэпцый барока.
1 Гісторыя Беларускай ССР. У 5 т. Мп., 1972. Т. 1. С. 341—342.
1650—1730-я гады — час папавання сталага беларускага барока. Менавіта рысы новага стылю выступаюць у гэты перыяд найбольш ярка і выразна. Робяцца спробы тэарэтычнага асэнсавання архітэктурна-будаўнічай практыкі. У 1659 г. з’явіўся першы ў гісторыі Рэчы Паспалітай тэарэтычны трактат па архітэктуры, які абагульніў вопыт папярэдняга грамадзянскага будаўніцтва. Яго аўтар Л. Апалінскі ўслед за Вітрувіем падкрэсліваў важнасць адзінства тэхнічнага, функцыянальнага і эстэтычнага аспектаў архітэктуры. Аднак, па яго меркаванню, дзеля трываласці і зручнасці можна пагрэбаваць прыгажосцю формы. Такія адносіны да эстэтычнага крытэрыю не адпавядалі запатрабавашіям часу, калі ў архітэктуры Беларусі і суседніх краін інтэнсіўна ўкараняліся прынцыпы барока. Таму трактат хаця і быў вядомы ў Польшчы, Літве, на Украіне і ў Беларусі, але шырокага прызпання не атрымаў. У 1678 г. рэктар калегіума езуітаў у Познані Б. Наленч-Вансоўскі выдаў другі трактат па архітэктуры на лацінскай мове, у якім на першы план выставіў патрабаванні прыгажосці і зручнасці незалежна ад тых ці іншых канструкцый і матэрыялаў. Ён выклаў метады выкарыстання ордэрнай пластыкі на фасадах будынкаў і праілюстраваў гэта графічнымі табліцамі ордэраў у барочнай інтэрпрэтацыі. Параўноўваючы палажэнні двух трактатаў, можна бачыць, як хутка мяняліся задачы архітэктуры пад уплывам эстэтыкі барока, якая адлюстравала нарастаючыя супярэчнасці ў рэлігійнай і сацыяльнай свядомасці.
Адметная асаблівасць горадабудаўніцтва другой паловы XVII — пачатку XVIII ст.— шырокае распаўсюджанне мястэчак. У сярэдзіне XVII ст. на Беларусі налічвалася каля 250 буйных і сярэдніх мястэчак, якія падзяляліся на каралеўскія (Скідаль, Азёры, Лунна, Дрысвяты,
Ушачы, Гомель, Сураж і інш.), прыватнаўладальніцкія (Любча, Койданава, Лагойск, Докшыцы, Чашнікі, Бешанковічы, Зэльва, Паставы, Смаргонь, Семежава, Ружаны і інш.) і манастырска-царкоўныя (Ігумен, Відзы, Пяршай, Жыровічы і інш.) 2. Мястэчка займала прамежкавае становішча паміж горадам і вёскай. Значная частка жыхароў была занята ў сельскагаспадарчай вытворчасці, што набліжала мястэчкі да вёсак. Ад гарадоў яны адрозніваліся меншай колькасцю насельніцтва, меншымі памерамі жыллёвай тэрыторыі, болып спрошчанай архітэктурна-планіровачнай структурай. Цэнтрам мястэчка з’яўлялася гандлёвая плошча на перакрыжаванні важнейшых шляхоў. Замкі, палацы феадалаў ці манастыры часцей за ўсё размяшчаліся асобна ад жылой забудовы, аднак складалі з ёй адзіны архітэктурна-планіровачны арганізм, злучаючыся з цэнтрам адной з галоўных вуліц. Забудова мястэчка мела лінейны характар планіроўкі, калі фарміравалася ўздоўж аднаго гандлёвага шляху, ці прамавугольную або радыяльную планіроўку, калі мястэчка знаходзілася на перакрыжаванні некалькіх гандлёвых шляхоў. У асноўным забудова падпарадкоўвалася рэльефу мясцовасці.
Прыкладам мястэчка каралеўскага ўладання з’яўляецца Гомель, які ў пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1142 г. У гэты час яно было невялікім паселішчам з драўляным замкам, які стаяў на высокім беразе р. Сож пры ўпадзенні ў яе р. Гамеюкі. Выгаднае геаграфічнао становішча на водным шляху спрыяла хуткаму развіццю мястэчка. У канцы XVI — пачатку XVII ст. гэта ўжо значны гандлёвы і рамесніцкі цэнтр. Гомельскі староста князь М. Чартарыйскі да сярэдзіны XVII ст. перабудаваў старажытны замак і аднавіў земляныя ўмацаван-
2 Гісторыя Беларускай ССР. Т, 1. С. 217.
ні. Вакол замка была ўзведзена высокая драўляная сцяна; цераз роў, што аддзяляў замак ад пасада, пабудаваны пад’ёмны мост. Гомель займаў у гэты час невялікую тэрыторыю, не выходзячы за межы рэк Сож і Гамеюка. Кампазіцыйным цэнтрам архітэктурна-планіровачнай структуры з’яўляўся замак, да якога прылягала гандлёвая плошча. 3 поўначы да плошчы паўкругам далучаўся неўмацаваны пасад. Яго планіроўка і забудова мелі нерэгулярны характар. Некалькі кароткіх вуліц радыяльнага напрамку сыходзіліся на гандлёвай плошчы. 3 паўднёвага ўсходу да мястэчка прымыкала Спаская слабада.
Прыватнаўладальніцкае мястэчка Ружаны (Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.), якое ўпершыню ўпамінаецца ў 1552 г., у XVII ст. налічвала болып за 400 дамоў, кафляны і цагельны заводы. Жылая забудова развівалася паабапал дарог Брэст — Слонім і Ваўкавыск — Косава, якія з’яўляліся працягам галоўных вуліц; на скрыжаванні іх знаходзілася гандлёвая плошча — архітэктурна-планіровачны цэнтр мястэчка. Яе асноўнымі дамінантамі былі Троіцкі дамініканскі касцёл (1615) і Петрапаўлаўская царква (1675), якія размяшчаліся на процілеглых баках плошчы. Палац Сапегаў на высокім узгорку ў паўднёва-ўсходняй частцы мястэчка панаваў над усёй забудовай і злучаўся з плошчай асобнай вуліцай.