Гісторыя беларускага мастацтва
Т. 2: Другая палова XVI—канец XVIII ст.
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 384с.
Мінск 1988
Архітэктурна планіровачную структуру мястэчак манастырскага ўладання вызначаў манастырскі комплекс. Прыкладам такога тыпу пасяленняў з’яўляецца Картуз-Бяроза, ці Бяроза Картузская (Брэсцкая вобл.). Мястэчка Бяроза ўпершыню ўпамінаецца ў 1477 г. як невялікая вёска на р. Ясельдзе, з 1629 г. пераўтворана ў мястэчка. У канцы XVII ст. магнаты Сапегі заснавалі і пабудавалі тут кляштар картэзіянцаў (1648—1689), які з’явіўся планіровачным ядром. Мястэчка набыло
прамавугольную сістэму планіроўкі з гандлёвай плошчай у цэнтры. Кляші тар картэзіянцаў займаў вялікую тэрыторыю на паўночнай ускраіне. Далейшае развіццё Картуз-Бярозы ажыццяўлялася марудна, што выклікана было значнай адлегласцю яе ад гандлёвых шляхоў.
У буйных і невялікіх гарадах у адрозненне ад мястэчак захаваліся асноўныя прынцыпы развіцця архітэктурна-планіровачнай структуры, якія склаліся ў папярэднія часы. Адметнай рысай з’яўляецца пашырэнне будаўніцтва мураваных каталіцкіх касцёлаў і кляштараў, якія вызначылі архітэктурнае аблічча і сілуэт цэнтральнай часткі рада гарадоў. Па-ранейшаму вядучую ролю адыгрывала фартыфікацыйная сістэма, якая ўзмацняецца знешнімі абарончымі ўмацаваннямі (Віцебск, Магілёў, Орша і інш.). Многія гарады, акрамя замка, не мелі інпіых абарончых умацаванняў (Гродна, Слонім, Брэст і інш.).
Першы напрамак у развіцці гарадоў ілюструе Слонім, які ўпершыню ўпамінаецца пад 1252 г. Горад развіваўся каля драўлянага ўмацаванага замка (з 1520 г.— палац Сапегаў), размешчанага пры зліцці рр. Шчары і Усы. Ужо ў XII—XIII стст. Слонім вылучаецца высокім узроўнем развіцця рамёстваў і гандлю. У 1532 г. горад атрымаў магдэбургскае права і з гэтага часу хутка пашырае сваю тэрыторыю. У XVII ст. меў развітую архітэктурна-планіровачную струкТУРУ 3 радыяльнай сістэмай вуліц. Кампазіцыйным цэнтрам з’яўляліся замак і гандлёвая плошча, да якой па радыяльных напрамках сыходзіліся асноўныя вуліцы. Заходняя частка горада, якая пачала забудоўвацца ў канцы XVI — пачатку XVII ст., вылучалася прамавугольнай планіроўкай. Адзіную сістэму абароны горада разам з замкам стваралі мураваныя касцёлы і кляштары, узведзеныя вакол яго цэнтра: бернардзінцаў (1639—1645), бенедзік-
цінак (1669), даміпікапцаў (1680— 1798, мураваны з 1747 г.), бернардзінак (1664—1670), латэранскі (1635); сінагога (1642) і інш.
Сярод гарадоў, якія акрамя замка не мелі знешніх абарончых умацаванняў, найбольш характэрны Брэст. Асаблівасці яго планіроўкі і забудовы добра прасочваюцца па гравюры XVII ст. «Аблога Брэста шведамі ў 1657 г.», на якой змешчаны план і агульны выгляд тагачаснага горада. Дзядзінец старажытнага Брэста ўзнік на мысе правага берага р. Заходні Буг пры ўпадзенні ў яе Мухаўца. У XVI ст. на яго месцы існаваў драўляны замак з пяццю вежамі, тры з якіх з’яўляліся праезнымі брамамі. На тэрыторыі замка акрамя жылых дамоў знаходзіліся два вадзяныя млыны, арсенал, піваварня, вадакачка, саляны склад. Да замка далучаўся неўмацаваны пасад з гандлёвай плошчай і ратушай. У інвентары Берасцейскага староства 1566 г. упамінаюцца таксама шпіталь, друкарня, ратуша, касцёл Варвары, цэрквы Троіцкая, Спаская, Чэснага Крыжа, царква і манастыр Раства, Сямёнаўскі манастыр. У сярэдзіне XVII ст. у час руска-польскай вайны замак быў разбураны. Архітэктурна-планіровачным цэнтрам становіцца гандлёвая плошча з ратушай і крамамі, тэрыторыя горада значна пашыраецца, узводзяцца каталіцкія касцёлы і кляштары. Маляўнічая панарама горада ўтваралася спалучэннем нізкіх аб’ёмаў драўлянай жылой забудовы і асобных дамінант: кляштараў езуіцкага (1623, разбураны ў 1660 г., адбудаваны ў 1678 г.), базыльянскага (1629, пазней вядомага як Белы палац), бернардзінскага (1653) і інш. У прадмесцях на берагах рэк Буг і Мухавец былі ўзведзены кляштары бернардзінак (1624, драўляны, з 1787 — мураваны), трынітарыяў (1628, з 1651 касцёл), брыгітак (1621). У другой палове XVII — пачатку XVIII ст. у сувязі з працяглымі войнамі і эпідэ-
міямі эканамічнае развіццё і горадабудаўніцтва Брэста заняпала.
Важнейшыя рысы планіроўкі Віцебска вызначалі задачы абароны. I гэта зразумела, бо горад знаходзіўся на паграніччы Рэчы Паспалітай
ўтваралі ўмацаваную частку горада. Да яе далучаліся неўмацаваныя прадмесці, ці слабоды: з поўначы — Заручаўская, з захаду — Задунаўская,
64. «Чарцёж месца Віцебск» 1664 г.
і Маскоўскай дзяржавы, паміж якімі ў XVI—XVII стст. адбываліся частыя войны. У 1664 г., калі Віцебск знаходзіўся пад уладай рускіх войск, быў зроблены чарцёж горада, на якім схематычна паказаны планіроўка, асноўныя жылыя, грамадскія і культавыя будынкі, фартыфікацыйная сістэма 3. Паводле «Чарцяжа», цэнтр Віцебска складаўся з трох умацаваных замкаў: Верхняга, Ніжняга і Узгорскага. Кожны з іх уяўляў замкнёную планіровачную структуру са сваім кампазіцыйным цэнтрам. У той жа час яны былі звязаны паміж сабой і
3 ЦДАСА, ф. 192, воп. 1, спр. 2, л. 1.
за Заходняй Дзвіной — Задзвінская. Рака Заходняя Дзвіна — асноўная планіровачная вось горада — звязвала замкі і прадмесці ў адзіны арганізм. Уезд ва ўмацаваную частку Віцебска ажыццяўляўся з двух бакоў: з паўднёвага на тэрыторыю Ніжняга замка — праз Заручаўскую браму і з паўночнага на тэрыторыю Узгорскага замка — праз Суражскую. Верхні замак размяшчаўся на авальнай пляцоўцы, якая цягнулася ад Заходняй Дзвіны ўздоўж Віцьбы. Ад Вялікай брамы да варот у бок р. Віцьбы праходзіла галоўная вуліца, якая дзяліла замкавую тэрыторыю на дзвс часткі. Усходнюю частку займалі пераважна адміпістра-
цыйныя і культавыя будынкі. Тут знаходзіліся двор ваяводы, прыказ і Міхайлаўская царква. У заходняй частцы размяшчалася толькі жылая забудова. Абарончыя сцены Верхняга замка мелі адну браму — Вялікую праезную, тры вежы — Веставую, Танкавую і Храпавіцкую, два «круглікі» — Бабарыкін і Шарамецеў, адзін раскат і адны вароты.
Ніжні замак па сваёй планіроўцы быў больш складаны. Ён займаў выцягнутую з захаду на ўсход тэрыторыю, абкружаную р. Заходняй Дзвіной і Замкавым Ручаём, а з поўначы далучаўся да абарончых сцен Верхняга замка. У драўляных сценах Ніжняга замка было тры брамы, восем клецевых веж, два «круглікі» (Мяшчанскі і Духаўскі) і адны вароты. Галоўнай планіровачнай воссю, якая праходзіла праз усю замкавую тэрыторыю, з’яўлялася Вялікая вуліца. Пачыналася яна на захадзе ад Заручаўскай праезнай брамы і падыходзіла на ўсходзе да Задунаўскіх варот. Ад Вялікай вуліцы адыходзілі дзве другарадныя: адна — да Валконскага «кругліка» (Вялікая праезная брама), другая — да Благавешчанскай царквы. На тэрыторыі Ніжняга замка сфарміраваўся культавы цэнтр — Аляксееўскі манастыр, які меў важнае горадабудаўнічае значэнне.
Узгорскі замак, ці Узгорскі горад, або астрог, быў самым вялікім і з’яўляўся фактычна ўмацаваным пасадам. Яго тэрыторыя (роўнае плато), з паўднёвага і ўсходняга бакоў абмежаваная р. Віцьбай, а з захаду Заходняй Дзвіной, была зручнай для забудовы. 3 паўночнага боку ён быў абнесены драўлянай сцяной, у якой былі тры брамы, сем веж, два «бычкі» і два млыны. Ад моста праз Віцьбу пачыналася галоўная вуліца — Вялікая Узгорская, якая падыходзіла да сярэдняй вежы. Да гэтай вуліцы падыходзілі яшчэ дзве: ад гасцінага двара да Суражскай брамы і ўздоўж р. Віцьбы да Падзвінскай
брамы. Усе тры вуліцы сходзіліся ля Валконскага «кругліка» і праз мост злучаліся з Ніжнім замкам. На скрыжаванні гэтых вуліц ва Узгорскім замку сфарміраваўся адміністрацыйна-гандлёвы цэнтр Віцебска з гасціным дваром і крамамі. Ва Узгорскім замку знаходзіліся тры драўляныя царквы: Васкрасенская, Прачысценская і Крыжаўзвіжанская.
На прыкладзе віцебскіх замкаў прасочваюцца важнейшыя тэндэнцыі абарончага дойлідства паўночнага ўсходу Беларусі XVII ст. Асаблівую цікавасць выклікаюць вежы, у архітэктуры якіх знайшлі ўвасабленне мясцовыя будаўнічыя традыцыі. Большасць веж, як паказвае «Сметная кніга» 1664 г., была зроблена «ў чатыры сцяны» і мела квадратныя або прамавугольныя ў плане аб’ёмы. Па вышыні вежы былі неаднолькавымі. Так, Храпавіцкая вежа ў Верхнім замку мела зруб усяго з 7 вянкоў, а Старасельская ў Ніжнім замку — з 37 вышынёй 5 сажняў (10,5 м). Найбольш распаўсюджаная вышыня веж 3—4 сажні (6,3—8,4 м), Многія вежы мелі ўверсе «абламы» ў 3—8 вянкоў, завершаныя высокімі шатровымі дахамі. У некаторых былі прадугледжаны спецыяльныя дазорныя пляцоўкі («трапілы») для варты. У «трапілу» Веставой вежы Верхняга замка вісеў звон, які падаваў сігнал абаронцам горада пры набліжэнні непрыяцельскіх войскаў. Вежы былі «глухімі» і праезнымі. Пра маштаб праезных веж можна меркаваць па «Цёмных вялікіх праезных варотах» у Верхнім замку. Гэта вежа, названая «клецевай», мела ў плане памеры 11,2x9,1 м. Зруб складаўся з 48 вянкоў, над ім — «аблам» у 5 вянкоў, затым шацёр вышынёй 8,4 м, над якім узвышалася «трапіла», завершанае шатровым дахам. Унутры вежа дзялілася мастамі на тры баявыя ярусы. 3 боку дзядзінца быў зроблены «ўзвалак» для гармат, які меў выгляд ганка, крытага цёсам. Такія «ўзвалокі» былі амаль ва ўсіх
вежах, дзе стаялі гарматы. Некаторыя вежы мелі сховішчы. Напрыклад, пад Напруднай вежай знаходзіўся «тайнік», дзе захоўваліся запасы ежы.
Акрамя чацворыковых у віцебскіх замках было пяць веж, так званых круглікаў. Васьмігранныя ў плапе, яны сваім архітэктурным абліччам нагадвалі круглыя мураваныя вежы. Прыклад развітай кампазіцыі такой вежы ўяўляе «Валконскі круглік» у Ніжнім замку, названы ў інвентары «Віцебскімі вялікімі варотамі». Вежа складалася з двух аб’ёмаў: ніжняга чацверыковага і верхняга васьмерыковага, пастаўленага на чацвярык. Агулыіая вышыпя вежы да аблама—12,6 м. Завяршаў аблам дашчаны шацёр вышынёй 6,3 м, над якім узвышалася каравульнае «круглае» (г. зн. васьмігранпае) «трапіла», ашаляванае знадворку дошкамі і накрытае шатром. У архітэктуры «Валконскага кругліка» атрымала яркае ўвасабленне традыцыйная для беларускага дойлідства ярусная кампазіцыя «васьмярык на чацверыку», якая ў XVII—XVIII стст. становіцца характэрнай для ўсяго беларускага дойлідства — не толькі грамадзянскага, але і культавага. Акрамя веж Верхні і Узгорскі замкі мелі «бычкі», якія звычайна прыбудоўваліся да гарадскіх сцен у месцах з вялікім разрывам паміж вежамі. Па вышыні «бычкі» амаль не перавышалі сцепы, не мелі «трапілаў», а іх унутраная прастора падзялялася пасярэдзіне мостам на два баявыя ярусы. Сістэму ўмацаванняў дапаўнялі 23 бастыёны і «крэпасці», якія складаліся з астрога, надаўбняў, «рагатак», «часцікаў».