Энцыклапедыя Культура Беларусі
У 6-і т. Т. 3.
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 688с.
Мінск 2012
вучанні: «Огневн молять же ся, зовуце его сварожнчем». Беларусы верылі ў тое, што ў час Каляд уладар падземнага царства Карачун і бог зімы Зюзя змагаліся з Перуном. Яны прадчувалі, што народзіцца Божыч і хацелі яго знішчыць. Дзеля гэтага Зюзя ператварыўся ў мядзведзя, сабраў воўчую зграю (мяцеліцу) і разам яны ганяліся за жонкай Перуна. Грамаўніца (Каляда) схавалася ад іх у вербалозах і нарадзіла Д. У гэтай легендзе адбіліся сляды міфалагічнага мыслення стараж. чалавека аб касмічнай з’яве — зімовым сонцавароце. На Лагойшчыне, каля вёскі Крамянец ляжыць камень, да якога людзі ставяцца з павагай, прыносяць кветкі, манеты, хусткі, хлеб, тканіну, ягады. Яго называюць «Богаў камень», «Святы», «Дажбог». Людзі вераць, што ён валодае цудадзейнай, гаючай сілай, просяць паслаць дождж, вылечыць ад хваробы і інш.
Літ.: Ляўкоў А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мінск, 1992; Л і цьві н ка В. Святы і абрады беларусаў. Мінск, 1997.
А.М.Аляхновіч.
ДАЖЬІНКАВЫЯ ПЁСНІ, «дажон», «абжынкі», выконваліся на апошняй стадыі завяршэння жніва, якая называлася «Завіванне барады». Жніўная талака пакідала на полі 20—30 каласкоў, вакол якіх спявала: «Павейце, ветры, // Рана, рана, // Па чыстым полю // Нясіце весці // Нашаму пану, // Што яго жнейкі // Жыта пажалі, // У копы паклалі. // Ой, часта, густа // На небе звёзды, // Ой, часцей, гусцей // На полі копы. // Ой, шырок, высок // На небе месяц, // Ой, шыры, вышы // Ля гумна скірта». У гэтых песнях сродкамі метафары адлюстроўвалася цяжкая праца на жніве («У нас сягоння вайна была, усё поле зваявалі», «Чыё гэта поле зазвінела скора, зазвінела скора?»). Значнае месца сярод Д.п. займаюць творы, прысвечаныя ўслаўленню гаспадара і гаспадыні за іх дбайнасць, гаспадарлівасць, павагу да жнеек. Іх узвелічэнне адбываецца іншасказальна — праз багаты ўраджай, які сабра
339
ДАЖЫНКІ
ла дажынкавая талака, і добрую гаспадарку («А чы поўна арэхавая чаша ядром налітая? А чы поўна гаспадара гумно, дабром навядзёна?», «Расхадзіся, наша гаспадынька, перад жнейкамі, кажы выносіць цясовыя сталы на чыстыя двары»). У часы прыгону ў Д.п. высмейвалася сквапнасць гаспадароў, выказвалася абурэнне прымусам да працы на жніве з боку прыганятых. У многіх творах сустракаліся матывы сац. незадаволенасці тагачасным сямейным і грамадскім жыццём жанчыны. Некаторыя Д.п. пранізаны міфалагічнымі і анімістычнымі ўяўленнямі («Ой, хадзіў Раю», «Хадзіў Спарыш па вуліцы»). Асобную групу складаюць Д.п., у якіх хрысціянскія святыя ўвасоблены, як звычайныя сяляне: «Сам Бог жыта зажаў, // Ілья снапы вязаў, // А святы Барыс у копы клаў». Пэўнае месца ў Д.п. займалі дажынкавы вянок і апошні сноп, што сімвалізавалі вобраз багатага ўраджаю. Яны надзяляліся рысамі жывых істот («Каціўся вяночак па полю, прасіў жэнчыкаў дадому»), Завяршальнымі сярод дажынкавых лічацца застольныя песні, якія адрозніваюцца весялосцю, гарэзлівасцю, гумарам. У наш час існаванне Д.п. магчыма толькі ва ўмовах фалькларызму, паколькі працэс с.г. вытворчасці выключае працу жняі.
Літ.: Жніўныя песні. Мінск, 1974; Л і с А.С. Жніўныя песні. Мінск, 1993.
А. М.Аляхновіч.
ДАЖЬІНКІ, старадаўні абрад, прысвечаны заканчэнню жніва. У апошні дзень працы збіралася талака з жанчын, якая ў канцы поля пакідала жыта (прыкладна 20 каласкоў). Адна са жней палола між іх траву і клала на гэтае месца хлеб і соль, якія сімвалізавалі ахвяру духам нівы. Спяваючы, дзяўчаты спляталі вянок з каласкоў і палявых кветак. Астатнія жнеі паралельна здзяйснялі абрад «Завівання барады». Выпалаўшы «бараду», палольніца падразала звязаны зверху саломінай «куст» і кідала серп праз галаву ў процілеглы бок ад жней. Затым качалася па ніве, прыгаворваючы: «Ніўка, ніўка, аддай маю сілку на другую ніўку. На коніка лой, на ніўку гной, а мне здароўя. Судзі, божа, на лета жаці і ядранейшае і гусцейшае».
Як сведчаць некаторыя этнографы, сноп ставілі на покуці, або клалі асобна ў гумне да часу сяўбы азімых, а затым выбітыя з яго зярняты рассявалі па полі. На Гродзеншчыне «бараду», нязжатыя каласы, пакідалі для птушак, дзякуючы за тое, што яны разнеслі зерне па зямлі. Некаторыя вучоныя бачылі ў гэтым абрадзе «імітацыю, магічнае сеянне хлеба на будучы год», іншыя — ахвярапрынашэнне «духу нівы». Ёсць меркаванне, што сваю назву абрад «Завіванне барады» атрымаў на Віцебшчыне, дзе жнеі, прапалоўшы «куст», завівалі яго справа налева.
Абрад «Дажынкі» ў выкананні гурта «Баярачка» з в. Ляўкі Любанскага раёна. 2012.
Сплецены вянок адзявалі на галаву адной з лепшых жней, у сярэдзіну апошняга дажынкавага снапа клалі зжатую «бараду» і з песнямі ішлі ў двор гаспадара, які з гаспадыняй сустракаў жней хлебамсоллю. Старшая між жней («багіня») з паклонам клала ля ног гаспадара дажыначны сноп, які гаспадыня акрапляла «святой» вадою, вянок перадавала яму ў рукі, прыгаворваючы: «Паздароў, Божа, гаспадару! Прыняслі табе вянок з шырокага поля, з ядранага жыта. Гаспадар свайго гаспадарства не страціць, нам за вянок заплаціць, хоць чырвоныя боты для нашай ахвоты — жыту на ўраджай, гаспадару на доўгі век». Заканчваліся Д. частаваннем жней. Абрадавы характар Д. меў прадаўжэнне ў стравах, якія павінны былі спрыяць усходам збажыны, асабліва густая каша, бліны (Лепельшчына), масла, мяса, сыта, гарэлка. Сёння Д. атрымалі дзярж. статус, ператварыліся ў вял. нар. свята.
Літ.: Гл. да арт. Дажынкавыя песні.
А.М.Аляхновіч.
ДАЙДЖЭСТ (ад англ. digest агляд, кароткі пераказ), 1) тып часопіса, які перадрукоўвае з інш. выданняў матэрыялы ў скарочаным і звычайна адаптаваным для чытачоў выглядзе. 2) Масавае выданне, якое ўтрымлівае скарочаны пераказ папулярных твораў маст. лры.
ДАЙНЁКА Леанід Мартынавіч (н. 28.1.1940, в. Змітраўка Клічаўскага рна), беларускі пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў на тэлебачанні. 3 1972 у час. «Маладосць», у 1989—91 у выдве «Мастацкая літаратура». Аўгар збкаў паэзіі «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Начныя тэлеграмы» (1974), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985), «Сняжынкі над агнём» (1989), апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976), у якіх роздум пра вайну, маленства, жыццё вёскі, услаўленне роднай зямлі і чалавека працы. Падзеі мінулага асэнсоўваюцца ў дылогіі «Людзі і маланкі» (1978) і «Запомнім сябе маладымі» (1981), раманах
340
ДАКТЫЛІЧНАЯ
«Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (1990), «Назаві сына Канстанцінам» (2010). Аўтар фантаст. рамана «Чала
Л. М.Дайнека.
век з брыльянтавым сэрцам» (1992). Піша для дзяцей (кн. «Адкуль мы?», 1995). Некаторыя вершы Д. пакладзены на музыку. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
ДАЙНЭКА Валерый Сяргеевіч (н. 29.11.1951, г.п. Рудзенск Пухавіцкага рна), беларускі эстрадны спявак. Засл. артыст Беларусі (1990). Скон
чыў Мінскі інт культуры (1988). 3 1972 у Бел. філармоніі, з 1977 у ансамблі «Песняры», з 1993 саліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. У 1997—2005 выкладаў у Інце сучасных ведаў. 3 1998 працуе ў гурце «Беларускія песняры». У канцэртным рэпертуары творы сучасных, у т.л. бел., кампазітараў: А.Пахмутавай, І.Лучанка, Л.Захлеўнага, У.Мулявіна, В.Іванова, Д.Даўгалёва, А.Елісеенкава і інш.
ДАЙЧЬІНАЎ Іван Багданаў (н. 8.4. 1930, Сафія), балгарскі перакладчык. Скончыў Сафійскі ўнт (1952). У ан
талогію бел. апавядання на сельскую тэматыку «Пад пошум дубоў» (1981) увайшлі пераклады Д. твораў А.Асіпенкі, А.Васілевіч, Л.Дайнекі, М.Парахневіча, Я.Скрыгана і інш. На балгарскую мову пераклаў таксама асобныя апавяданні У.Караткевіча, М.Стральцова, раманы І.Чыгрынава «Апраўданне крыві» (1981), І.Шамякіна «Вазьму твой боль» (1982).
С.М.Дварэцкая.
ДАКАЛЬСКАЯ Бірута Альфонсаўна (11.6.1916, Вільнюс — 21.4.1996), беларуская актрыса. Вучылася ў Мінскім муз. тэхнікуме (1932—34). 3 1935 у Бел. тэатры рабочай моладзі, у 1937—78 у Бел. тэатры імя Я.Купалы. Асаблівае месца ў яе творчасці займала роля Паўлінкі ў аднайм. п’есе Я.Купалы (сыграла яе больш за 450 разоў). Стварала вобразы дзяўчынак і падлеткаў, маладых дзяўчат, пазней характарныя, у якіх выявіла сапраўдны драматызм і выразную пластыку: Таццяна («Салавей» З.Бядулі), Марыля («Пінская шляхта» В.ДунінаМарцінкевіча), Тэкля («Адкуль грэх?» А.Петрашкевіча), Сцепаніда Моўчан («Амністыя» М.Матукоўскага), Дар’я («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.Дастаеўскага), мадэмуазэль Куку («Безыменная зорка» М.Себасцьяна) і інш.
ДАКЛАДНАЯ РЬІФМА, рыфма, у якой супадаюць галосныя і зычныя гукі. Крытэрыі дакладнасці вызначаюцца культ. традьшыямі, залежаць ад агульных асаблівасцей прасодыі мовы і прыватнага фанетычнага атачэння рыфмы. У Д.р., заснаванай на жаночых клаўзулах, дастаткова, каб супадалі паслянаціскныя гукі: «горы — зоры», у мужчынскай, асабліва пры адкрытым складзе, — і пераднаціскныя зычныя: «каса — раса», «рук — грук». Разглядаецца як атрыбут класічнай паэзіі, выкарыстоўваецца ў кананічных паэт. формах, асабліва ў санеце:
На цёмнай гладзі сонных луж балота, За снег нябёснай вышыні бялей, Закрасавалі чашачкі лілей
Між пачарнеўшых каранёў чарота.
(«Санет». М.Багдановіч)
Сярод Д.р. сустракаюцца граматычныя рыфмы, у т.л. і дзеяслоўныя, якія лічацца сярэдне і нізкасортнымі: «чары — хмары», «гадавала — трымала», а таксама банальныя: «вочы — ночы», «век — чалавек», «смех — снег» і інш. Гэта сведчанне таго, што Д.р. нясе ў асн. эўфанічную нагрузку, а семантычная — зводзіцца да мінімуму. Д.р. больш арганізуе, чым рэпрэзентуе форму, а нейтральная форма не адцягвае ўвагі ад зместу выказвання. Найб. росквіту Д.р. дасягнула ў нашаніўскай паэзіі, а таксамаў 1930—40я і 1970я гг.
Ю. В. Пацюпа.
ДАКТЫЛІЧНАЯ РЬІФМА, рыфма, у якой націск падае на трэці ад канца склад. Парадак складоў у Д.р. супадае з парадкам складоў стапы дактыля, але яе ўжыванне не залежыць ад памеру верша. Сустракаецца радзей, чым жаночая рыфма і мужчынская рыфма, але часцей, чым гіпердактылічная рыфма. Сустракаецца ў бел. паэзіі ўсіх часоў, хоць у стараж. перыяд выкарыстоўвалася значна радзей, чым у сучаснай вершатворчасці. Дактылічныя клаўзулы, якія ляжаць у аснове Д.р., запавольваюць дынаміку вершаванага тэксту (асабліва з кароткімі радкамі), мадыфікуюць яго і памер верша часам страчвае пэўнасць, як, напр., чатырохстопны харэй у Я.Коласа: