Энцыклапедыя Культура Беларусі
У 6-і т. Т. 3.
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 688с.
Мінск 2012
ДАКУМЕНТАЛЬНАЕ КІНО, від кінамастацтва, заснаваны на здымках сапраўдных падзей, з’яў, фактаў. Складаецца з кінахронікі (перадача інфармацыі гледачу пра важнейшыя падзеі) і вобразнага асэнсавання да
кум. кінаматэрыялу (дакум. фільм). Кінавытворчасць у Беларусі пачалася з аператыўнай кінахронікі: у 1925—27 над першымі хранікальнымі выпускамі працавалі кінааператары М.Лявонцьеў і Е.Глас. Першыя дакум. фільмы, выпушчаныя Белдзяржкіно, ствараліся ў наступных жанрах: кінанарыса навук.пазнавальнага характару (т. наз. культурфільмы: «У здаровым целе — здаровы дух», «Меліярацыя БССР», абодва 1925; рэж.аператар М.Лявонцьеў), агляднага, юбілейнага фільма («Кастрычнік і буржуазны свет», рэж. А.Найдзіч; «Такая Hama Беларусь», рэж. Я.Пятроў абодва 1927). Большасць фільмаў прысвячалася сацыяліст. перабудове рэспублікі («За калектывізацыю», «Першы год пяцігодкі», «Чырвоны абоз», усе 1929, і інш.). 3 1932 выходзіў кіначас. «За сацыялістычную Беларусь». У 1936 з пераўтварэннем сектара кінахронікі Белдзяржкіно ў студыю наладзіўся рэгулярны выпуск дакум. фільмаў аўтары якіх прытрымліваліся асн. прынцыпаў інфармацыйнапубліцыст. выкладу фактаў і падзей. У гады Вял. Айч. вайны бел. кінарэжысёры і аператары Мінскай студыі кінахронікі ўваходзілі ў склад кіназдымачных груп Цэнтр. студыі дакум. фільмаў (Масква) для стварэння франтавых спецвыпускаў. Аператары М.Бераў, І.Вейняровіч, У.Кітас, У.Стральцоў, М.Сухава, У.Цытрон, У.П.Цяслюк прымалі ўдзел у здымках фільмаў «Бабруйскі кацёл», «Бітва за Віцебск», «Дзень вайны», «Мінск наш», «Народныя мсціўцы», «Разгром нямецкафашысцкіх войскаў пад Масквой» і інш., стварылі ўнікальны партыз. кіналетапіс. Многія кадры з кіначас. «Савецкая Беларусь» (з 1942 выходзіў у Маскве) увайшлі ў поўнаметражны фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944, паўторны выпуск 1974; рэж. У.КоршСаблін і М.Садковіч). Аднаўленне кінавытворчасці пасля вызвалення Беларусі пачалося са стварэння кіначасопісаў і дакум.
344
ДАКУМЕНТАЛЬНАЕ
фільмаў. Асн. тэмамі былі ўзнаўленне краіны, аднаўленне паліт., культ. жыцця («Мінск аднаўляецца», 1945, рэж. С.Сплашноў; «Наваселле», 1947, рэж.аператар І.Вейняровіч; «Шчасце народа», 1949, рэж. Л.Голуб), тэма адплаты за злачынствы, здзейсненыя ў гады вайны («Бабруйскі працэс», «Суд народа», 1946, рэж. Ю.Стальмакоў).
На мяжы 1950—60х гг. адбылося абнаўленне дакум. кінематографа на тэматычным і эстэтычным узроўнях. У 1961 была арганізавана Мінская студыя навуковапапулярных і хранікальнадакументальных фільмаў (з 1968 творчае аб’яднанне студыя «Летапіс» «Беларусьфільма»), Павялічыўся выпуск дакум. фільмаў, перыядычных кіначасопісаў. Кінадакументалістыка адлюстравала драматызм прарыву да праўды ў гіст. і сучасным аспектах, ад узроўню ілюстратыўнай інфармацыі да стварэння сродкамі кіно пластычнага вобраза часу. Кінематаграфісты выкарыстоўвалі новыя метады паказа чалавека, адыходу ад нарматыўнай стылістыкі («Апошні хутар», 1961, рэж. У.Скітовіч; «Балада пра Maui», 1965, рэж. І.Вейняровіч). Кардынальнае абнаўленне мастацтва Д.к. было звязана з прыходам на кінастудыю ў 1960—70я гг. новага пакалення кінарэжысёраў. Фільмы В.Дашука, М.Жданоўскага, А.А.Карпава, СЛук’янчыкава, ЮЛысятава,
Да арт.
Дакументальнае кіно. Кадр з фільма «Тонежскія бабы». 1977.
У.Скітовіча, В.Сукманава, Н.Хубава, В.Шаталава, Р.Ясінскага адрозніваліся пошукамі новых форм, актыўным выкарыстаннем разнастайных метадаў здымак: «схаванай камеры», «сінхрона», кінаназірання, рэпартажу і г.д. Значна пашырылася жанравая палітра, развіваліся жанры: фільмапартрэта «Арліная крыніца», 1966, рэж. В.Сукманаў; «Семдзесят дзевятая вясна», 1968, рэж. В.Чацверыкоў; «Пастух», 1969, рэж. І.Пікман), сацыялагічнага фільма («Шчырая размова», 1966, рэж. Н.Хубаў), гіст.біягр. («Янка Купала», 1962, рэж. М.Дзодзіева; «Георгій Скарына», 1963, рэж. У.Скітовіч). Арыгінальнасцю драматургічнага і вобразнага рашэння вылучаліся карціны на сучасную тэматыку: «Глыбокі гарызонт», «Ёсць такая зямля» (абодва 1964, рэж. У.Скітовіч), «Будні салёных забояў» (1965, рэж. Н.Хубаў), «Паляванне састарым сабакам» (1968), «Мужчынскія галасы» (1973, рэж. абодвух ЮЛысятаў). Злучэннем даследчыцкага і вобразнага рашэння адзначаны фільмы на тэму станаўлення і развіцця асобы дзіцяці: «Першыя ноты» (1967, рэж. В.Шаталаў), «Птушка «Ікс» (1972, рэж. Д.Міхлееў). Рэжысёры В.Сукманаў і Р.Ясінскі знялі ўнікальны цыкл фільмаў пра лёс пакалення вучняў адной з гомельскіх школ (першы фільм «Урок даўжынёю ў год», 1963, рэж. Р.Ясінскі і С.Фрыд), выкарыстаўшы
дзесяцігадовы метад кінаназірання. Развіваўся жанр спарт. фільма: «Вялікая дыяганаль» (1976, рэж. В.Сукманаў), «Шчаслівыя берагі «Алімпіі» (1978, рэж. СЛук’янчыкаў), «У атайы ўся каманда» (1983), «Крылатыя канькі» (1986, рэж. абодвух У.І.Цяслюк).
У 1970—80я гг. у Д. к. вызначылася тэндэнцыя да арыгінальнага асэнсавання культуралагічнай тэматыкі і распрацоўкі жанра творчага партрэта: «А зязюля кукавала» (1972, рэж. В.Дашук), «Вечная песня» і «Ларыса Александроўская» (абодва 1975, рэж. А.Канеўскі), «Зімовая прэм’ера» (1986, рэж. А.А.Карпаў). Асаблівае месца ў нац. Д.к. заняў кірунак візуальнай антрапалогіі па сцэнарыях бел. этнамузыколага З.Мажэйка: «Палескія калядкі» (1972), «Галасы вякоў» (1979), «Памяць стагоддзяў» (1982, рэж. усіх Н.Сава), «Палескія вяселлі» (1986), «Крывыя вечары» (1993, рэж. абодвух Ю.Лысятаў). У жанры дакумент. дэтэктыва рэж. Ю.Цвяткоў сумесна з драматургам У.Мехавым знялі ленінскі кінацыкл, у якім упершыню былі прадстаўлены супярэчнасці афіц. гісторыі: «Хутка і абавязкова» (1980), «Гісторыя адной тэлеграмы», «Чарвякову тэрмінова... Ленін» (1982), «Рэвалюцыя дае нам права» (1984), «I мы перавернем Расію... Ульянаў» (1986), «Сто дзён працягу» (1987). Адзін з гал. кірункаў у бел. Д.к. — зварот да падзей Вял. Айч. вайны. Традыцыі, закладзеныя старэйшым пакаленнем кінадакументалістаў, працягнутыя ў фільмах, якія раскрываюць гераічны подзвіг народа: «Пакараны смерцю ў 41м» (1967, рэж. В.Чацверыкоў), «Балада пра мужнасць і любоў» (1972, рэж. І.Вейняровіч), «Брэсцкая крэпасць» (1975, рэж. І.Пікман) і інш. Тэма вайны як нар. трагедыі на прыкладзе канкрэтных лёсаў простых людзей асветлена ў карцінах «Хатынь, 5 км» (1968, рэж. І.Калоўскі), «Тонежскія бабы» (1977, рэж. В.Рыбараў), «Ад слова «жыць» (1982, рэж. А.А.Карпаў). Новым этапам маст.філас. раз
345
ДАКУМЕНТАЛЬНАЕ
віцця гэтай тэмы ў айчынным Д.к. сталі 2 цыкльг фільмаў, знятыя рэж. В.Дашуком: «Я з вогненнай вёскі» (1975—78) і «У вайны — не жаночы твар» (1980—84). Магчымасць новага творчага і сац. асэнсавання іканаграфічнага і хранікальнага матэрыялу з’явілася з выкарыстаннем метаду псіхал. аналізу, спробы аўтараў зразумець асн. матывы чалавечага быцця ў экстрэмальных, экзістэнцыяльных абставінах. Новае драматургічнае мысленне стварала новую эстэтычную прастору.
Перыяд сярэдзіны 1980 — пач.
1990х гг. у гісторыі дакументалістыкі атрымаў назву «дакументальнага буму» і стаў новым этапам у развіцці айчыннага Д.к. Кінематаграфісты звярнуліся да актуальных праблем сучаснага жыцця і айчыннай гісторыі. На экране з’явіліся новыя героі: прадстаўнікі маст. андэграўнда («Не плачце па мне...», 1988, рэж. А.Алай), нефармальнай моладзі («Грэх», 1987, рэж. В.Дашук; «Побач», 1988, рэж. М.Князеў), воіныафганцы («Боль», 1988, рэж. С.Лук’янчыкаў) і інш. Даследаваліся «белыя плямы» ў гісторыі Вял. Айч. вайны («Яго схавалі ў шар зямны», 1989; «Адрынуты», 1993, рэж. абодвух А.Алай). 3 канца 1980х гг. выразна выдзяліўся гіст.культуралагічны кірунак бел. Д.к. Была створана візуальная анталогія нац. гісторыі і культуры — уні
кальная з’ява ў рамках кінематографа СНД. Сродкамі неігравога кіно вобразна і пафіласофску асэнсаваны падзеі гісторыі ў іх спалучэнні з сучаснасцю ў фільмах М.Жданоўскага («Дарога на Курапаты», 1990; «Жаўрукі Беларусі», 1993), В.Аслюка («Слёзы блуднага сына», 1994; «Невядомая вайна», 1995). Дакум. экран вярнуў імёны забытых дзеячаў бел. гісторыі і культуры: К.Астрожскага («Гетман найвышэйшы», 1992, рэж. В.Каралёў), Я.Чачота («Вечны выгнаннік», 1993, рэж. В.Сукманаў), М.ДоўнарЗапольскага («Вечныя званы», 1993, рэж. Ю.Лысятаў), Т.Касцюшкі («Паланэз для касінераў», 1994, рэж. Р.Ясінскі) і інш. Новае развіццё атрымаў жанр творчага партрэта, у якім імкненне да глыбокага і ўсебаковага аналізу асобы твор
цы спалучаецца з арыгінальнай маст. формай: «3 душою» («Con anima») (1992, рэж. М.Жданоўскі), «Фауст Арлена» (1996, рэж. Г.Адамовіч), «Onepa» (1996, рэж. С.Галавецкі), «У бок страчанага раю» (1998, рэж. М.Князеў), «Андрэй» (2010, рэж. В.Аслюк) і інш. Новым крокам у даследаванні на экране нац. архетыпу сталі фільмыпартрэты старых сельскіх жыхароў («Хутар», 1994; «Евангелле ад Mani», 1996, рэж. абодвух С.Пятроўскі; «Помнік», 2003, рэж. Ю.Гарулёў; «Божа мой», 2004, рэж. Г.Адамовіч) і фільмы, створаныя на спалучэнні культуралагічнага фільма і кінапартрэта («Крэва», 1996, рэж. М.Жданоўскі; «Аркестр», 1999, рэж. С.Галавецкі). Актуальнай у бел. дакументалістыцы застаецца тэма Чарнобыля: «Бяда» (1992, рэж. У.У.Цяслюк), «Адлучэнне» (1993), «Смутак» (1994, рэж. абодвух С.Лук’янчыкаў), «Андрэевы камяні» (1999, рэж. В.Аслюк), «Чарнобыльскі крыж» (2006, рэж. А.Алай). Новыя аспекты асэнсавання тэмы вайны адлюстравалі рэжысёры Ю.Гарулёў («Помнік», 2003; «Выпуск напярэдадні вайны», 2004; «Маленькі остарбайтар», 2005), А.Алай («Салдаты Італіі», 2002; «За два крокі да гільяціны», 2003; «Чырвоны д’ябал», 2004) і інш. Плённым кірункам у сучасным бел. Д. к. стала распрацоўка духоўнай тэматыкі: «Маці Міласэрная» (1997), «Канікулы кардынала» (2002, рэж. Ю.Гарулёў), «Айцец Сергій» (2007, рэж. С.Гайдук), «Ina
346
ДАКУЧНЫЯ
кіня» (2010, рэж. Г.Адамовіч). Сярод новых эстэтычных тэндэнцый, што вылучыліся ў сучасным неігравым кіно, з’явілася маст. пераасэнсаванне хранікальнага матэрыялу, якое набывае самаст. вобразны сэнс: «Геній месца» (2002), «Працяг» (2003), «Завядзёнка» (2006, рэж. усіх Г.Адамовіч), «Мы жывём на краі...» (2001), «Кола» (2002), «Драўляны народ» (2011, рэж. усіх В.Аслюк). Пра развіццё сучаснага бел. Д.к., яго прызнанне на міжнар. арэне сведчаць шматлікія ўзнагароды міжнар. кінафестываляў. Г.В.Шур.